Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Дзіцячы сад в. Аксакаўшчына" была заснавана ў 1978 годзе, з 1982 года дзіцячы сад размяшчаецца ў дадзеным будынку.
Установа адукацыі разлічана на 75 месцаў, у садку працуюць 4 групы - першая і другая малодшыя, сярэдняя і старшая.
"НАМ ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА..."
Наш дзіцячы сад знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, у прыгожым месцы на граніцы Мінскага і Валожынскага раёнаў, сярод сасновага лесу.
Адным з асноўных накірункаў развіцця нашага дзіцячага сада з'яўляецца вывучэнне нацыянальнай беларускай спадчыны, далучэнне да вытокаў беларускай культуры, выкарыстанне лепшых традыцый народнай педагогікі.
Немагчыма ўявіць сабе культурнага, шырокаадукаванага сучаснага чалавека, які б не ведаў гісторыі, звычаяў, абрадаў і мовы свайго народа. Але, на жаль, часта сустракаемся з тым, што малады хлапец ці дзяўчына добра ведае падзеі з гісторыі іншых краін, а пра тую краіну, дзе жыве сам, ведае вельмі мала, абыякава адносіцца да беларускіх звычаяў і роднай мовы.
Таму сёння перад педагогамі і ўсімі сумленнымі людзьмі паўстае вялікая праблема: выхаванне ў дзяцей нацыянальнай годнасці, нацыянальнай самасвядомасці, далучэнне да роднай спадчыны, да беларускай народнай культуры і традыцый.
Развіццё асобы дзіцяці ў грамадстве немагчыма без ведання роднай мовы, святыні свайго народа, без пазнання беларускай культуры. Знаёмства з гісторыяй роднай спадчыны, роднага краю, абрадамі і звычаямі свайго народа, выхаванне любові і павагі да Радзімы патрэбна пачынаць з дзяцінства.
У дашкольным узросце яшчэ нельга гаварыць пра сістэмнае вывучэнне гісторыі Беларусі, сваёй спадчыны, але выклікаць эмацыйны водгук пры знаёмстве са звычаямі і абрадамі мы можам. Варта памятаць аб тым, што дашкольны ўзрост уяўляе сабой корань, ад трываласці якога залежыць каштоўнасць маральнага выхавання на працягу ўсяго жыцця чалавека. Ужо ў першыя гады жыцця дзіцяці, гады вострай успрымальнасці, фарміруюцца тыя пачуцці, якія звязваюць яго са сваім народам, вучаць з маленства сябраваць, любіць, працаваць.
Свет песень, казак, гульняў зразумелы дзецям з маленства, таму што адпавядае іх светаўспрыманню, мысленню. І той, хто ўмее забавіць дзяцей калыханкай, песенькай, пацешкай, беларускімі гульнямі - дабіваецца ў выхаванні хуткіх і відавочных вынікаў. Важна, каб педагогі самі былі прыхільнікамі беларускай культуры, мовы.
Таму перад калектывам нашага дзіцячага садка нязменна пастаўлена задача абудзіць у дзяцей цікавасць да сваёй нацыі, любоў і павагу да сваёй спадчыны. Развіваць творчы патэнцыял дзяцей, практычныя ўменні, эстэтычныя пачуцці, мастацкія здольнасці, калектывізм, мы адраджаем у дзіцячым садку традыцыі, культуру, мову сродкамі беларускага фальклору і шырокім звяртаннем да народнай педагогікі.
Для сістэмнага падыходу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ў гэтым напрамку напачатку неабходна было апытаць бацькоў, выявіць спецыяльныя веды, уменні і навыкі педагогаў, якія б дапамаглі арганізаваць больш дзейсную работу і з дзецьмі, і з бацькамі.
Так у 2006-2009 гадах быў рэалізаваны педагагічны праект "Этнасад" на тэму "Адраджэнне белаускіх народных традыцый у дзіцячым садку", кіраўніком якога была намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Шчука Валянціна Уладзіміраўна. Актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта прымалі музычны кіраўнік Сярко Галіна Анатольеўна, выхавальнікі дашкольнай адукацыі Копасава Людміла Віктараўна, Кельіна Софья Васільеўна, Гецце Марына Віктараўна. Задача гэтага праекта - развіццё здольнасці захоўваць і творча памнажаць нашу спадчыну.
Паступова ствараліся ўмовы для работы: набывалася неабходная метадычная літаратура, разам з бацькамі на базе садка быў арганізаваны этнаграфічны міні-музей "Наша спадчына", пашыты беларускія народныя касцюмы для дзяцей і дарослых, набыты беларускія музычныя інструменты. Менавіта ў той час распачалося і па сёння працягваецца супрацоўніцтва з заслужаным аматарскім гуртам "Гасцінец" Ракаўскага цэнтра творчасці Валожынскага раёна, арт-галерэяй "Янушкевічы", аг. Ракаў.
І вось на працягу амаль 15-ці год адукацыйны працэс у нашай установе ажыццяўляецца на беларускай мове. Цалкам змяніўся педагагічны склад, але па-ранейшаму мы імкнемся выхоўваць дзяцей на народных традыцыях, праз фальклор, бо гэта самы дзейсны сродак фарміравання ў дзяцей любові да свайго краю, яго мінулага. У дашкольнай установе штогод праводзяцца народныя фальклорна-абрадавыя святы "Багач", "Восеньскі кірмаш" ("Дажынкі"), "Калядкі", "Гуканне вясны" ("Масленіца"), "Купалле" і інш. Доўгі час дзейнічаў фальклорны гурток "Дударочкі". Два гады таму створаны танцавальны калектыў "Натхненне".
Такая сістэма работы дае станоўчыя вынікі. Наш вопыт сведчыць аб тым, што ў педагогў расце інтарэс у справе далучэння выхаванцаў да нацыянальнай спадчыны, пашыраецца ўзровень ведаў аб нацыянальнай культыры. Дзеці гуляюць у беларускія народныя гульні, спяваюць беларускія песні, разумеюць і размаўляюць на роднай беларускай мове. Бацькі ўключаны ў сумесную працу, прымаюць актыўны ўдзел у справе адраджэння.
Народная творчасць дайшла да нашых дзён. Захаваць яе, ведаць, зацікавіць дзяцей роднай спадчынай, перадаваць яе наступным пакаленням - задача педагогаў і сёння.
Мы спадзяёмся, што гэты добры настрой і зацікаўленасць гісторыяй свайго краю, абрадамі і традыцыям беларускага народа, мовай, на якой гаварылі нашы дзяды і прадзеды, з'явіцца тым падмуркам, які дазволіць нашым выхаванцам ганарыцца сваёй краінай і яе гістарычнай спадчынай.